З 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў польскай сталіцы праходзіць 21-ая Варшаўская ўсходнееўрапейская канферэнцыя (WEEC), арганізаванай Цэнтрам Усходняй Еўропы (SEW UW) пры Варшаўскім універсітэце. Сёлетні форум называецца «Час глабальнай турбулентнасці: выклікі для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Гэта буйное мерапрыемства, якое сабрала навукоўцаў і экспертаў для абмеркавання складаных праблем, з якімі сутыкаецца Цэнтральная і Усходняя Еўропа. На думку арганізатараў Усходнееўрапейскі рэгіён перажывае цяпер крытычны момант, таму падчас канферэнцыі гучалі сур'ёзныя пытанні. Адно з іх тычылася Беларусі, пра будучыню якой разважалі беларускія, польскія ды еўрапейскія эксперты. На думку Анаіс Марэн з Брытанскага аналітычнага цэнтру Chatam House, будучыня Беларусі няпэўная, краіна сутыкаецца з шэрагам дылем.
— Ключавое слова, якое прыходзіць мне ў галаву, размаўляючы пра Беларусь — гэта слова дылема. Палітычная дылема для еўрапейскіх палітыкаў апошнія 20 гадоў ці нават раней. Гэта дылема таго, як прасоўваць дэмакратыю звонку ў закрытым і аўтарытарным асяроддзі, якое алергічнае на прасоўванне дэмакратыі, яно разглядае дэмакратыю як вірус, як каляровую рэвалюцыю. Усё, што рабіў рэжым Лукашэнкі за апошнія амаль 30 гадоў, на самой справе было абаронай ад дэмакратыі. Іншая дылема — гэта дылема хаўрусаў. Лукашэнка апынуўся ў пастцы сваёй ролі ваеннага саюзніка Расіі да такой ступені, што эксперты кажуць пра магчымасць сцэнару, калі Беларусі, стане проста трамплінам ці плацдармам для агрэсіі супраць членаў НАТА. Іншая справа — дылема будучыні ў краіне, якая жыве мінулым — у шэрым савецкім бачанні свету і праслаўленні Вялікай Айчыннай вайны, і якую гэтыя практыкі зацягваюць у рускае бачанне свету.
Пра ролю Беларусі як магчымага плацдарма для чарговай расійскай агрэсіі казаў Ян Аўсеюшкін з Міжнародная сеткі стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі (ISANS). Эксперт зазначыў, што ў перспектыве бліжэйшых гадоў існуе магчымасць або гібрыднай атакі на краіны Балтыі, або вайсковага ўдару па Польшчы з тэрыторыі Беларусі, якія рыхтуе Расія.
— Гэтыя сцэнары не з’яўляюцца прадказаннем ці прагнозам. Гэта толькі адзін з варыянтаў таго, як могуць развівацца падзеі ў найгоршым выпадку. Калі працэсы паглынання Беларусі Расіяй, калі працэсы страты суверэнітэту, павелічэння кааперацыі дзвюх сілавых сістэм Беларусі ды Расіі будуць паглыбляцца, тады гэтыя сцэнары будуць набліжацца да рэчаіснасці. Застаецца адкрытым пытанне таго, ці можна гэтыя працэсы запаволіць. Гэта для дадатковага даследавання.
Адмысловец звярнуўся з рэкамендацыяй для Захаду да Еўрапейскай супольнасці не глядзець на Беларусь, выключна як на спадарожніка Расіі, а спрабаваць уздзейнічаць на Мінск, каб не даць Расіі цалкам паглынуць Беларусь.
— Раздзялення Беларусі і Расіі вядзе да разумення, што ў актараў, незалежна да таго: падабаюцца яны нам ці не, - могуць быць свае інтарэсы. Рознасць гэтых інтарэсаў можа ствараць магчымасці. Калі забыць пра Беларусь, тады ва Ўсходняй Еўропе адбудуцца найгоршыя падзеі.
У сваю чаргу Віке ван дэн Брук з Маастрыхцкага ўніверсітэту зазначыў, што ў ЕС няма добрай стратэгіі палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Магчыма сваю ролю ў выпрацоўцы такой стратэгіі павінны адыграць краіны Цэнтральнай Еўропы, якія суседнічаюць з Беларуссю.
— Шмат якія з еўрапейскіх дзеянняў, якія робяцца апелююць да каштоўнасцяў, але яны не заўсёды паслядоўныя, і таму хапае розных неадпаведнасцяў. Калі казаць пра будучыню, на маю думку, магчыма, лепш разглядаць беларускую будучыню як еўрапейскую будучыню, але шлях да яе вядзе не абавязкова ў наўпрост у Еўропу, а праз дзяржавы чальцы ЕС. Магчыма праз Польшчу, ці Літву, ці краіны Балтыі. Магчыма, таксама можна будзе браць прыклад з будучыні, скажам, Украіны, Малдовы, калі яны раэльна далучацца да Еўрапейскага Саюза. Гэта будзе вельмі пазітыўны сцэнар, такое можа адбыцца. Галоўная небяспека палягае на тым, што Беларусь можа стаць своеасаблівай разменнай манетай.
Будучыня Беларусі на дадзены момант у першую чаргу залежыць ад Украіны. Калі ўкраінцы выстаяць, тады і для беларусаў з’явіцца ў чарговы раз шанец ўУмацаваць сваю незалежнасць і адарвацца ад Расіі. На гэта звяртаў увагу эксперт Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Вітольд Радкевіч.
— Я б сказаў, што сітуацыя адкрытай вайны і адкрытага канфлікту, выкліканая нападам на Украіну, парадаксальным чынам адкрывае пэўныя магчымасці для Беларусі, якая можа дасягнуць незалежнасці толькі ў сітуацыі, калі расійская імперская і рэвізіянісцкая палітыка спазнае паразу. Пакуль Украіна змагаецца, для Беларусі ёсць нейкі шанец. Да гэтай вайны, калі сітуацыя была адносна стабільнай і ў асноўным ад Расіі залежала, што будзе з Беларуссю, такі стан мог працягвацца вельмі доўга, бо не было ніякага знешняга фактару, які мог бы паслужыць пэўным імпульсам для змен у Беларусі. Цяпер адбываецца маштабны ваенны канфлікт, і гэты ваенны канфлікт можа ў любы момант распаўсюдзіцца на іншыя краіны, і ён абавязкова распаўсюдзіцца, калі ўкраінцы, не дай Божа, прайграюць, і тады, вядома, натхнёныя поспехам, расіяне пойдуць далей. Таму з аднаго боку мы знаходзімся ў горшай сітуацыі, але з іншага боку, з'явілася пэўная палітычная дынаміка і ёсць шанец на нейкія змены, у адрозненне ад таго застою ды гніення, якое чакала б нас, калі б не гэтая агрэсіўная расійская палітыка.
У польскай сталіцы праходзіць 21-ая Варшаўская ўсходнееўрапейская канферэнцыя (WEEC), арганізаванай Цэнтрам Усходняй Еўропы (SEW UW) пры Варшаўскім універсітэце, якая прысвечаная дыскусіі на тэму «Час глабальнай турбулентнасці: выклікі для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Ідзецца ў першую чаргу пра лёс Украіны, Беларусі ды Малдовы на фоне працяглай расійскай агрэсіі.
Юры Ліхтаровіч